» » Развіццё Магілёва ў перадваеннае дзесяцігоддзе
на правах рекламы

Развіццё Магілёва ў перадваеннае дзесяцігоддзе

Автор: Saraksh от 4-04-2020, 21:12
Развіццё Магілёва ў перадваеннае дзесяцігоддзе
 
1930-я гг. - гады пабудовы сацыялізму, увайшлі ў гісторыю нашай краіны як адны з самых складаных і супярэчлівых. У гэты час сфарміраваліся асновы сацыялістычнай сацыяльна-класавай структуры насельніцтва.
З аднаго боку, жыццё грамадства праходзіла ў асноўным у мірных умовах і было адзначана самаадданай працай народа, вонкава мажорным пафасам сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця ў кірунку пабудовы сацыялізму. З другога боку, у гэтыя гады вялося жорсткае, бязлітаснае, няўмольнае і ў той жа час паслядоўнае, спланаванае змаганне сталінскага кіраўніцтва з лепшымі прадстаўнікамі інтэлігенцыі, працоўнага класа, сялянства, нават з часткай партыйнага і савецкага апарата, грамадскімі арганізацыямі і г.д. У краіне ўсталявалася сталінская дыктатура. Апорай яе была адміністрацыйна- камандная сістэма кіравання сацыяльна-эканамічным, грамадска-палітычным і культурным жыццём. На першым месцы знаходзілася саветызацыя насельніцтва і выхаванне адданасці камуністычным ідэалам [19, с. 81-82].
За гады перадваенных пяцігодак Магілёў стаў адным з буйных прамысловых цэнтраў рэспублікі. 15.01.1938 г. Магілёў набыў новы статус - стаў цэнтрам вобласці. На 8.02.1939 г. у Магілёве дзейнічалі наступныя прамысловыя прадпрыемствы: заводы - трубаліцейны імя А.Мяснікова,
аўтарамонтны, гарбарны імя Сталіна, бятонны, косцеперапрацоўчы (клеявы), “Чырвоная Зорка”, металаапрацоўчы імя Дзімітрава, півавараны, сушыльны, тры цагляныя (№ 7, 8, 10), па вырабу тары, торфазавод “Грабянёва”; фабрыкі - штучнага шоўку імя В.Куйбышава, кандытарская, швейная імя Валадарскага, мэблевая, шорная, шавецкая, хлебакамбінат [16, арк. 12; 18, с. 114-121; 23, арк. 8-9, 14].
У аснове развіцця прамысловасці ляжалі экстэнсіўныя метады, расла колькасць занятых у прамысловасці. У горадзе было ліквідавана яўнае беспрацоўе. Сталі расці фонды сацыяльнага страхавання, заработная плата. Але давалася ўсё гэта цяжкай і напружанай працай. Для павышэння яе прадукцыйнасці шырока выкарыстоўваліся ідэалагічныя метады і працоўны энтузіязм: сацыялістычнае спаборніцтва, ударніцтва, стаханаўскі рух. Указам Прэзыдыума ВС СССР ад 7.04.1939 г. за перавыкананне плана і праяўленыя ўзоры стаханаўскай працы ў Магілёўскай вобласці былі ўзнагароджаны: ордэнам “Знак Гонару” - 3 чал., медалём “Працоўная доблесць” - 1, медалём “За працоўную выдатнасць” - 9. У Магілёве дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі: ордэн “Знак Гонару” - Г.Собалева, медаль “За працоўную выдатнасць” - С.Лібенштэйн, М.Арлоў, М.Пічова, М.Сакін, Я.Шляхтар, І.Шакураў, Е.Прэнзава [24, арк. 10-11].
У выніку прамысловага развіцця ў Магілёве значна павялічылася колькасць насельніцтва, у асноўным за кошт вяскоўцаў, што прыехалі ў горад на будаўніцтва прадпрыемстваў, а пасля засталіся працаваць на іх. Напачатку 1940 г. насельніцтва горада складала ўжо 124 542 чал.
У горадзе вельмі павольна (у параўнанні з ростам насельніцтва) ішло жыллёвае будаўніцтва. Назіраўся катастрафічны недахоп жылля, пра што сведчыць сярэдняя жылплошча на душу насельніцтва ў Магілёве. У 1926 г. яна складала 6,7 кв. м, у 1934 г. - 5,15, 1938 г. - 3,8 [8, арк. 49]. Насельніцтва Магілёва за 1934-1939 гг. вырасла на 153,7%, а жыллёвы фонд на 106,8%. За 1938-1939 гг. у Магілёве было выдзелена 870 участкаў пад індывідуальнае будаўніцтва. Аднак будаўніцтва новага жылля не паспявала за ростам насельніцтва. Галоўным чынам жылы фонд горада папаўняўся дамамі, якія будаваліся толькі на новых, буйных прамысловых прадпрыемствах: аўтарамонтным заводзе, шаўковай фабрыцы. У 1940 г. па колькасці жыллёвай плошчы на 1 чалавека (3,64 кв. м) Магілёў знаходзіўся на апошнім месцы ў рэспубліцы. У Мінску - 4,27 м. кв., Гомелі і Віцебску - 4,0, Бабруйску - 4,28, Оршы - 4,74 кв. м [3, арк. 97, 103-107].
За 1938-1939 г. у Магілёве былі здадзены ў эксплуатацыю 15 васьмікватэрных жылых дамоў, адзін дваццацічатырохкватэрны дом, надбудовы на жылых дамах па вул. Першамайскай 33-35, водаправодная сетка і свідравіна № 3, лазня на 111 месц, 2 школы па 880 месц і 2 школы па 400 месц, 2 дзіцячых сада па 150 месц, яслі. Але, як адзначалі дэпутаты на сесіі Магілёўскага гарадскога савета, усе аб’екты былі здадзены са значнымі недаробкамі, якія павінны былі завяршыцца ў 1940 г. [3, арк. 90].
У краіне быў дэфіцыт прадуктаў харчавання і тавараў народнага спажывання. Таму, калі з’яўляўся тавар, адразу ўтвараліся вялізныя чэргі, стаялі сем’ямі, каб набыць неабходныя прадукты. У Магілёве ў 1937 г. гандлёвая сетка складалася з 158 крам і 106 шапікаў, якія гандлявалі харчовымі і прамысловымі таварамі, адпаведна ў 1938 г. - 169 і 130. За 1938-1939 гг. было завершана будаўніцтва і здадзены ў эксплуатацыю 5 новых крам, сховішча гародніны і кафетэрый [3, арк. 92, 117].
Згодна Пастановы эканамічнага савета СНК СССР № 494 ад 10.04.1940 г. “Аб нормах продажу харчовых тавараў у адны рукі” магілёўцы пры наяўнасці тавару маглі набыць: мяса, рыбы, солі, цукру, круп, кандытарскіх і макаронных вырабаў - не больш чым па 1 кг, каўбасных вырабаў, алею, сельдзі - не больш 500 гр, масла, маргарыну, сыру - 200 гр, малака - 1 літр, гарбаты - 50 гр, кансерваў - 2 бляшанкі [12, арк. 151].
Трэба адзначыць, што ў той час былі адносна невялікія заробкі, якія павялічваліся, але не маглі забяспечыць высокі ўзровень жыцця насельніцтва. Нават у кіруючага партыйна-савецкага апарата, дзе ў 1939-1940 гг. сярэдні заробак у месяц складаў 360-490 руб. [1, арк. 24]. У той жа час існавалі высокія кошты на прамысловыя тавары. Без уліку гандлёвых нацэнак і выдаткаў на транспарт 1 м тканіны (шырыня 1,3—1,5 м) каштаваў: габардзіну - 100 руб., фланэлі - 150, шавіёту ад 40 да 60 (у залежнасці ад якасці), драпу напаўшарсцянога - 75-200. Хустка шарсцяная каштавала 55 руб., лямпачка электрычная (60 Вт) - 1,1 руб. [12, арк. 12-12 адв., 28].
Жыхары маглі набыць тавары шырокага спажывання, якія вырабляліся ў арцелях мясцовай прамысловасці. Там выпускаліся вельмі неабходныя рэчы, але не высокай якасці. Жаночая шаль з футранымі манжэтамі каштавала 140 руб., дзіцячая цацка “каляска з пеўнем” - 4 руб. 80 кап., таз бляшаны з адыходаў - 6 руб. 50 кап., вядро конуснае з адходаў - 6 руб., крэсла - 69 руб. 70 кап., кухонная шафа з двума шуфлядамі - 81 руб. 50 кап., стол маленькі - 33 руб., этажэрка (4 паліцы) - 22 руб. 50 кап., пантофлі спартовыя - 17 руб. 50 кап., боты - 89 руб., басаножкі - 14 руб., ложак нікеліраваны - 196 руб. 40 кап. [21, арк. 56, 57, 137].
У БССР толькі ў Мінску была створана адна крама дзе свабодна гандлявалі прамысловымі таварамі палепшанага асартыменту, але па павышаных коштах. Там за даволі значныя грошы было магчыма ў любы час набыць: баваўняныя, шарсцяныя, ільняныя, шоўкавыя тканіны і вырабы з іх; хусткі і ніткі; швейныя вырабы і трыкатаж; панчохі; скураны, гумавы, фетравы, валяны абутак; ровары і матацыклы; патэфоны і музычныя інстументы; шкляныя, фарфоравыя і фаянсавыя вырабы; посуд з металу; грампластынкі і гадзіннікі; ложкі з металу; футра і футравыя вырабы; электрычныя і гаспадарчыя тавары; парфуму і вырабы з паперы; радыё і фота тавары; цацкі гумавыя і цэлюлоідныя, галантарэю [12, арк. 215, 217].
У перадваенныя гады істотна змянілася аблічча горада. За 1934-1939 гг. колькасць прамысловых прадпрыемстваў узрасла з 32 (1934 г.) да 46 (1939 г.), з ліку апошніх адносіліся да аб’ектаў усесаюзнай прамысловасці - 2,
рэспубліканскай - 14, мясцовай - 5, кааператыўнай - 25. Працягласць водаправоднай сеткі павялічалася амаль удвая і склала 51,2 км. З 145 км вуліц горада 40 % былі забрукаваныя (у 1934 г. - 18,4%), на іх з 180 да 530 павялічылася колькасць кропак асвятлення. З 30 да 34 узрасла колькасць дзіцячых садоў, з 3 да 8 - дзіцячых дамоў, з 7 да 19 - ясляў (у 1939 г. у іх знаходзілася 1130 немаўлят). У 1,5 разы павялічылася колькасць ложкаў у бальніцах, з 18 да 23 колькасць здраўпунктаў. У Магілёве працавалі 115 урачоў. У 1939 г. да 305 адзінак пашыралася гандлёвая сетка горада. Працавалі 40 сталовак. 21553 укладчыка захоўвалі свае зберажэнні ў 24 ашчаджальных касах. Сярэдні памер уклада складаў 474,1 руб. (1934 г. - 161,2 руб.). Памер рэалізаваных дзяржпазык павялічыўся з 2783 да 10500. Колькасць абанентаў на АТС узрасла з 764 да 2000, колькасць радыёкропак з 2288 да 6000. У Магілёве за 5 гадоў у 9 разоў стала больш грузавых (681) і ў 6,5 разоў легкавых аўтамабіляў (126) [8, арк. 103-110].
За гэтыя пяць гадоў выдаткі на асвету ў Магілёве павялічыліся на 880 %, на ахову здароўя на 720 %, на жыллёва-камунальную гаспадарку на 790 %, на сацыяльнае забяспячэнне на 500 %.
Наогул у перадваенныя гады найбольшая частка абласнога і гарадскога бюджэтаў ішла на забеспячэнне адукацыі і аховы здароўя. Так, у 1940 г. выдаткі з абласнога бюджэту на патрэбы сацыяльна-культурнага будаўніцтва склалі 76,7%, у тым ліку на асвету - 54,1%, ахову здароўя - 21%. Прычым дэпутаты абласнога савета здзіўляліся нізкай паспяховасці і таму, што ў школах вобласці шмат вучняў (каля 8-10 %) заставаліся на другі год навучання ў адным класе. У 1939 г. у Магілёўскай вобласці школамі не было ахоплена 7700 дзяцей [7, арк. 26-27, 57]. Дэпутаты гарадскога савета г. Магілёва ў тым жа годзе планавалі выдаткаваць з гарадскога бюджэту (30079,4 тыс. руб.) на камунальную гаспадарку - 24,53 %, адукацыю - 32,86 % (на ўтрыманне 22 школ, 14 дзіцячых садоў, 8 дзяцячых дамоў, 7 вячэрніх школ для дарослых), ахову здароўя - 32,78 % [4, арк.150-151].
У 1940 г. у Магілёве дзейнічалі: 4 бальніцы, 9 дзіцячых кансультацый, амбулаторый і паліклінік, Дом дзіцяці, 3 дыспансеры, станцыя хуткай медыцынскай дапамогі, а таксама 17 сярэдніх, 4 пачатковых, 1 няпоўная сярэдняя школы ў якіх навучаліся 13900 вучняў (1934 г. - 7011). 3630 чалавек займаліся у сярэдніх школах для дарослых. У горадзе працавалі 495 настаўнікаў. У 1938-1939 навучальным годзе ў Магілёве самымі лепшымі школамі па паспяховасці (88-93 %) лічыліся СШ № 5, 17, 18, пачатковая школа № 20 [8, арк. 114].
Рэзкае павялічэнне вылучаемых сродкаў у 1939 г. тлумачыцца будаўніцтвам шэрагу аб’ектаў у сувязі з планаваўшымся пераносам сталіцы БССР з Мінска ў Магілёў.
19.10.1937г. бюро ЦК КП(б)Б пастанавіла “лічыць мэтазгодным перанесці сталіцу з Мінска ў Магілёў”. Сталіца Беларусі - горад Мінск - знаходзіўся ўсяго за 30 км ад дзяржаўнай мяжы. Гэта было небяспечна са стратэгічнага пункту гледжання на выпадак вайны.
З красавіка 1938 года пачынаецца рэалізацыя праграмы гарадскога будаўніцтва і добраўпарадкавання ў г. Магілёве ў сувязі з пераносам сталіцы БССР. Адпаведную пастанову СНК СССР і ЦК УКП(б) 19.04.1938 г. падпісалі В.Молатаў і І.Сталін [11, арк. 8-11].
Быў распрацаваны перспектыўны план рэканструкцыі Магілёва пад сталіцу. На ажыццяўленне гэтага праекта было выдзелена 42,3 млн руб. Новая планіроўка Магілёва павінна была адпавядаць выгляду сацыялістычнага горада, яго адміністрацыйна-палітычнаму прызначэнню. Таму ў горадзе не павінны былі застацца шэраг аб’ектаў, якія нагадвалі аб мінулым. Планавалася знесці: ратушу, архірэйскі палац, дом губернатара, губернскага праўлення, Багаяўленскі, Спаскі саборы, Васкрасенскую, Трохсвяціцельскую, Мікалаеўскую цэрквы, касцёлы Св. Антонія і Св. Станіслава, шэраг іншых гістарычных будынкаў. Адзін з самых вядомых сабораў - Іосіфскі, пабудаваны ў стылі класіцызму, быў узарваны ў 1938 г., каб на яго месцы пабудаваць гасцініцу [9, с. 44-46; 22, с. 248-251].
Цэнтральнай плошчай павінна была стаць былая Базарная (цяпер пл.Леніна). Урадавую плошчу збіраліся разбіць у 1940 г., забрукаваць напрыканцы 1941 г. На ёй планавалася размясціць Дом урада, адміністрацыйныя будынкі. Ад тых часоў да нашых дзён дайшлі Дом Саветаў (пабудаваны ў 1940 г. па праекту архітэктара І.Лангабарда), будынак НКУС (пабудаваны ў 1939 г., цяпер БРУ), жылы дом.
Рабіліся значныя ўкладанні ў інфраструктуру горада. За 12 км ад цэнтра па Віцебскай шашы вырас рабочы пасёлак аўтарамонтнага завода. Побач з жылымі дамамі размясціліся магазіны, школы, дзіцячыя сады і яслі, палац культуры.
Звярнула ўвагу партыйна-савецкае кіраўніцтва і на добраўладкаванне Магілёва. Гарадскія ўлады адзначалі: “Ворагі народа наўмысна адсунулі горад Магілёў на другаснае месца, затрымлівалі яго сацыялістычную рэканструкцыю, стварылі дыспрапорцыю ва ўсіх галінах гарадской гаспадаркі і асабліва па добраўладкаванню, у выніку гэтага добраўладкаванне горада рэзка адставала ад развіцця прамысловасці ў горадзе і ад росту матэрыяльнага і культурнага ўзроўню працоўных”. Таму ў 1939 г. павялічылі выдаткі на азеляненне горада да 155 тыс. руб. (1934 г. - 35 тыс.) і водаправодную сетку ў горадзе да 55 км, правялі каналізацыю па вуліцы Першамайскай. Частку апошняй заасфальтавалі, а другую частку ад кінатэатра “Чырвоная Зорка” да плошчы, дзе будаваўся Дом Ураду, перабрукавалі [3, арк. 100]. Але магілёўцам гэта прынесла мала радасці. Вуліца і тратуары ўздоўж Першамайскай і так неблага выглядалі. Зусім іншае было далей ад цэнтра горада.
Трэба адзначыць, што даволі часта невыкананне тых або іншых заданняў аб’яўлялася падкопамі правых апазіцыянераў і іншых “ворагаў народа”, якія быццам толькі і думалі, як нашкодзіць і сарваць планы партыі бальшавікоў. Барацьба са шкодніцтвам, безумоўна, праводзілася пры “шырокай падтрымцы” насельніцтва. Гэтай барацьбой улады імкнуліся апраўдваць свае пралікі і недахопы, прыкрыць сваю нікчэмнасць.
Капітальнае будаўніцтва ў Магілёве вялося марудна, планы па будаўніцтву і праектаванню аб’ектаў не выконваліся. Падчас сесіі Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў 9-10.06.1940 г. з вуснаў адказных асоб прагучала: “Адбыўся зрыў планаў па капітальнаму будаўніцтву ў вобласці... Найперш у Магілёве. У 1938 г. пачалося будаўніцтва Дома Саветаў, 5 вялікіх жылых дамоў, кінатэатра, лазні, гасцініцы, школ, бальніцы, радзільнага дому, наладжванне каналізацыі і г.д. Для выканання гэтага будаўніцтва былі створаны спецыяльныя будаўнічыя арганізацыі: Магбудтрэст і Водаканалбуд. І нягледзячы на тое, што гэтыя аб’екты будуюцца трэці год, шмат якія маюць нязначны працэнт гатоўнасці. На 1.05.1940 г.: бальніца на 38%, паліклініка на 53%, 50-кватэрны дом - 55,5%, гасцініца - 53%. ...Нізкая якасць выкананых работ, недапрацоўкі і дэфекты: надбудова дома па Першамайскай, 33 (працякае дах), большасць дамоў у Чапаеўцы не патынкаваны, перакрыцці прагінаюцца, вібрыруюць, няма электраправодкі, вады. З недаробкамі здадзены ў эксплуатацыю школы № 20, 23, 24 і 50-кватэрны жылы дом...” [7, арк. 58-59].
Нават помнік У.І.Леніну ў Магілёве ніяк не маглі дабудаваць. З-за недахопу сродкаў і не асвойвання выдаткаваных, яго не выканалі ў 1939 г. У 1940 г. СНК БССР давыдаткаваў 200 тыс. рублёў, але справа з месца амаль не зварухнулася. У пачатку 1941 г. Магілёўскі аблвыканкам плануе дадаткова выдаткаваць на дабудову помніка 385 тыс. рублёў [13, арк. 15].
Сакратар гаркама КП(б)Б Р.Шуб наступным чынам тлумачыў сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку прычыны невыканання капітальнага будаўніцтва ў 1938 г. па г. Магілёву: “1) Несвоечасовая перадача замоў на выраб і праектаванне матэрыялаў, якія неабходны для будаўніцтва; 2) затрымка ў забеспячэнні будаўнічымі матэрыяламі і адсутнасць неабходных механізмаў для ажыццяўлення будаўнічых работ; 3) адсутнасць дастатковай колькасці кваліфікаванага інжынерна-тэхнічнага персаналу, недохоп рабочых будаўнікоў і інтэрнатаў для іх пражывання; 4) адсутнасць у Магілёве моцнай праектнай арганізацыі” [6, арк. 6-7].
Грандыёзны праект пераносу сталіцы не ажыццявіўся. У верасні 1939 г. заходнія беларускія землі былі далучаны да БССР, дзяржаўная мяжа апынулася далёка на захадзе і неабходнасць - у першую чаргу, ваенна-стратэгічная - у пераносе сталіцы адпала.
У перадваенны час у Магілёве было вырашана пытанне водазабеспячэння, па галоўнай магістралі (вуліцы Першамайскай) пайшлі першыя аўтобусы. Значнае развіцце атрымаў спорт. У канцы 1930-х гадоў створаны фізкультурна- спартыўныя таварыствы “Дынама”, “Спартак” і ДСТ “Лакаматыў”, дзе займалася больш за 10 тыс. магілёўцаў. Больш за 1000 чалавек займаліся ў 4 сярэдніх спецыяльных навучальных установах - культурна-асветным і музычным вучылішчах, медыцынскім і педагагічным тэхнікумах. У 1930 г. быў адноўлены педагагічны інстытут (раней называўся інстытут народнай адукацыі). У красавіку 1939 г. грамадскасць Магілёва адзначыла 20-годдзе Магілёўскай музычнай школы імя Рымскага-Корсакава. Гэта была першая дзяржаўная музычная школа ў савецкай краіне [32, арк. 12]. У 1937 г. на яе базе было заснавана музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава. Тут працавалі фартэпіяннае, вакальнае, струннае, духавых інструментаў і інструктарскае аддзяленні. Першы выпуск спецыялістаў у 1941 г. не адбыўся - пачалася вайна [10, с. 184-191; 18, с. 114-121].
У Магілёве друкавалася газета “Камунар Магілёўшчыны”, дзейнічала Магілёўская філія Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У 1939 г. узнікла літаб’яднанне “Прыдняпроўе”. Літаратары праводзілі значную культурна-асветную работу, арганізоўвалі літаратурна-музычныя вечары, сустрэчы з чытачамі, вучобу творчай моладзі. У 1935-41 гг. у Магілёве працаваў Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР. Аматараў аб’ядноўвалі народныя тэатры палацаў культуры аўтарамонтнага завода і чыгуначнікаў. У перадваенныя гады ў горадзе дзейнічала 12 клубаў, 2 кінатэатры (“Чырвоная зорка” з 1930 г., “Радзіма” з 1938 г.), цырк, 13 бібліятэк, краязнаўчы музей і яго філіялы - музей гісторыі і атэізму, мемарыяльны музей Р.Арджанікідзе.
У Магілёве, як і па ўсёй краіне, побач з стваральнай працай назіраліся працэсы разбурэнняў. Знішчаліся нацыянальныя ўклады, духоўныя каштоўнасці, бурыліся помнікі гісторыі і культуры. Напаткалі магілёўцаў сталінскія рэпрэсіі. Іх зведалі болей за тысячу чалавек у нашым горадзе. Незайздросным быў і лёс іх сваякоў. Вялося непрыхаванае змаганне з рэлігіяй. Закрываліся храмы, растрэльваліся святары. Пачатак паклала забойства каталіцкага ксяндза Святаполк-Мірскага, затым арышт і высылка Магілёўскага біскупа Баляслава Слоскана. Пакутлівым і ахвярным было жыццё Магілёўскага праваслаўнага архіепіскапа Паўліна (Крашэчкіна). Ён быў безпадстаўна абвінавачваны, арыштаваны, а затым растраляны. Разам з ім ахвярамі рэпрэсій сталі шэраг праваслаўных святароў і магілёўцаў. У 2000 г. архіепіскап Паўлін быў далучаны да ліку святых РПЦ [17, с. 215-217; 20].
Рэпрэсіі сярод сельскага і гарадскога насельніцтва выклікалі рэзкае павелічэнне беспрытульных дзяцей. За пяць год у Магілёве у 2,5 разы павялічылася колькасць дзяцячых дамоў.
У тыя гады ўсе мерапрыемствы праводзіліся з вялікім уздымам і ідэалагічным пафасам. Часьцяком яны былі звычайнай “паказухай” На сходах працоўныя абмяркоўвалі праект новай Канстытуцыі СССР , уносілі свае заўвагі і прапановы, якія ў пранцыпе нічога не значылі.
Напрыканцы 1938 г. у рэспубліцы ўрачыста адзначалі 20 год утварэння БССР (1.01.1919 г.). У клубах фабрык і заводаў Магілёва 30-31.12.1938 г. адбыліся канцэрты мастацкай самадзейнасці, балі-маскарады. 30 снежня музычныя школа і вучылішча наладзілі вялікі канцэрт для інтэлігенцыі горада. 31 снежня ў памяшканні тэатра прайшоў урачысты пленум партыйнага і савецкага актыву Магілёва. 1.01.1939 г. адбыліся масавыя гулянні [2, арк. 44 адв.].
У сувязі з 20-годдзем БССР Указам Прэзыдыума ВС БССР 28.12.1938 г. шэраг магілёўцаў былі ўзнагароджаны граматамі ВС БССР (большасць атрымала ўзнагароду на спецыяльнай цырымоніі 11.05.1939 г. у г. Мінску). СШ № 11 г. Магілёва было прысвоена імя ХХ годдзя БССР, артыстам:
У.Кумельскаму было прысвоена званне Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, Д.Арлову - Заслужанага артыста БССР [24, арк. 44].
26.06.1938г. праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет БССР. У 1939 г. праводзіўся Усесаюзны перапіс насельніцтва. Затым адбыліся выбары ў мясцовыя саветы.
З 1934 г. да снежня 1939 г. у горадзе Магілёве працавалі дэпутаты гарадскога савета XV склікання. У 1934 г. у Магілёўскі гарадскі савет было абрана 515 дэпутатаў. За 5 год выбыла 242 дэпутаты (у тым ліку ў выніку рэпрэсій). На 1.10.1939 г. засталося 273 дэпутаты. Па нацыянальнасці: беларусаў - 122 чал. (44,68 %), яўрэяў - 110 (40,29 %), рускіх - 24 (8,79 %), украінцаў - 9 (3,29 %), па 2 (0,73 %) палякі і немцы, па 1 (0,36 %) грузіну, татарыну, ярмяніну, латышу [8, арк.13].
24.12.1939г. адбыліся выбары ў абласныя і гарадскія саветы дэпутатаў працоўных БССР. Былі выбраны 248 дэпутатаў гарадскога савета. Яўка на выбары склала 99,94% ад колькасці грамадзян, якія карысталіся правам голасу. За блок кандыдатаў прапанаваных кампартыяй прагаласавала - 97,68% выбаршчыкаў. Трэба падкрэсліць, што альтэрнатыўнага галасавання нідзе не было. З 248 дэпутатаў было 128 членаў КПБ, 157 рабочых, 16 сялян, 75 прадстаўнікоў інтэлігенцыі і служачых, 100 жанчын. Па нацыянальнасці: беларусаў - 130 чал. (52,41%), яўрэяў - 72 (29,03%), рускіх - 35 (14,11 %), украінцаў - 8 (3,22 %), іншых нацыянальнасцей - 3 (1,23%). У параўнанні з папярэдаднім складам пабольшала беларусаў і рускіх, засталося практычна столькі ж украінцаў, паменшала яўрэяў і іншых нацыянальнасцей. 2-3.01.1940 г. адбылася 1-я сесія Магілёўскага гарадскога савета XVI склікання [16, арк. 1117]. Варта адзначыць, што пратаколы пасяджэнняў Магілёўскага аблвыканкама перад вайной вяліся на беларускай мове, а гарвыканкама па-руску.
У перадваенны час кіраўніцтва краіны прымала меры па павышэнні мабілізацыйнай гатоўнасці краіны, узмацненні дысцыпліны і парадку. На прадпрыемствах Магілёва, як і іншых гарадоў, устанаўліваліся абавязковыя нормы выпрацоўкі, ужываліся рэпрэсіўныя меры за разгільдзяйства, прагулы, спазненне. Многія прамысловыя прадпрыемствы перайшлі на выпуск прадукцыі ваеннага прызначэння. Так аўтарамонтны завод стаў авіярамонтным, металаапрацоўчы - авіяцыйным. Ваенныя заказы выконвалі і іншыя прадпрыемствы.
Рабіліся падрыхтоўчыя дзеянні на выпадак мяркуемай вайны. Нягледзячы на панаваўшую тады канцэпцыю “баявых дзеянняў на варожай тэрыторыі”, у Магілёве рыхтаваліся памяшканні пад сховішчы насельніцтва ад бамбардыровак. Аб гэтым сведчыць інфармацыя маёра дзяржбяспекі Сакалоўскага - начальніка штаба супрацьпаветранай абароны горада Магілёва ад 2.06.1941 г. Ён праводзіў абследаванні скляпенняў пад храмамі ў Магілёве на прадмет хавання насельніцтва ва ўмовах супрацьпаветранай абароны [5, арк. 3439].
Хваляванні і трывогі ў паўсядзённыя клопаты магілёўцаў унеслі савецка- фінляндская вайна, ваенныя канфлікты на возеры Хасан і рацэ Халхін-Гол. У гэтых баях загінула больш за 20 магілёўцаў. Пабач з гэтым напачатку 1941 г. магілёўцаў вельмі непакоілі спачатку перапіс хатняй жывёлы і птушак у горадзе і вобласці (за гэтым бачылі павышэнне падаткаў), затым эпідэмія яшчура ў Магілёве і Магілёўскім раёне (было прынята рашэнне забіць усіх кароў хворых на яшчур) [15, арк. 92, 120].
Ці не апошняе даваеннае (“спакойнае”) пасяджэнне Магілёўскага аблвыканкама адбылося 5-6.06.1941 г. З пратаколу пасяджэння можна даведацца аб тым, якія пытанні хвалявалі партыйна-савецкае кіраўніцтва: аб выкананні пастановы ЦК УКП(б) і СНК СССР аб дадатковай аплаце працы калгаснікам за павышэнне ўраджайнасці, аб ходзе сяўбы кармавых у Шклоўскім раёне, аб ходзе выканання плана вытворчасці будматэрыялаў, аб ходзе злучкі жывёлы ў Клічаўскім раёне, аб меліяратыўных работах у вобласці, аб сацыялістычным спаборніцтве на лепшую арганізацыю і правядзенне супрацьпажарных мерапрыемстваў у 1941 г., аб становішчы санітарна-абароннай працы ў вобласці, аб выніках дзейнасці ў 1940 г. аблкінакіраўніцтва, аб разгортванні работ па дарожнаму будаўніцтву і іншыя [14, арк. 246].
Такім чынам, перадваенныя гады былі пэўным росквітам у жыцці Магілёва - развівалася эканоміка, асвета, культура, ахова здароўя. Але гэтыя гады былі і вельмі трагічнымі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці і складанасці даваеннага часу, магілёўцы паспелі зрабіць многае. Значнае сацыяльнае і эканамічнае развіццё Магілёва было выклікана планаваўшымся пераносам сталіцы БССР.
Літаратура:
1.Ведамасць аб размеркаванні штатнага кантынгенту і фонду заробку структур аблвыканкама // Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці (ДАМаг). - Фонд 7. - Воп. 1. - Спр. 24.
2.Вытрымка з газеты // ДАМаг. - Фонд 11. - Воп. 1. - Спр. 164.
3.Даклад аб плане народнай гаспадаркі і сацыяльна-культурнага будаўніцтва па г. Магілёву на 1 сесіі Магілёўскага гарадскога савета 2-3.01.1940 г. // ДАМаг. - Фонд 11. - Воп. 1. - Спр. 178.
4.Даклад сесіі гарсавета об мясцовым бюджэце г. Магілёва на 1940 г. // ДАМаг. - Фонд 11. - Воп. 1. - Спр. 178.
5.Дакладная запіска // Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскай вобласці (ДАГАМаг). - Фонд 9. - Воп. 5 “а”. - Спр. 60.
6.Дакладная запіска ў ЦК КП(б)Б, 1938 г. // ДАМаг. - Фонд 11. - Воп. 1. - Спр. 64.
7.Дзённік пасяджэнняў 2-ой сесіі Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў // ДАМаг. - Фонд 7. - Воп. 4. - Спр. 2.
8.Звесткі аб развіцці народнай гаспадаркі горада Магілёва за 1934-1939 гг. // ДАМаг. - Фонд 11. - Воп. 1. - Спр. 135.
9.Кандраццева, Л. Праект пераносу сталіцы БССР у Магілёў / Л. Кандраццева // Беларускі гістарычны часопіс. - 1994. - № 3. - С. 44-46.
10.Косцераў, А.П. У рытме першых пяцігодак / А.П.Косцераў // Памяць: Гіст.- дакум. хроніка Магілёва / Беларус. Энцыкл.; Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн, 1998. - С. 184-191.
11.Пастанова СНК СССР і ЦК УКП(б) // ДАМаг. - Фонд 11. - Воп. 1. - Спр. 64.
12.Пастанова эканамічнага савета СНК СССР // ДАМаг. - Фонд 7. - Воп. 4. - Спр. 1.
13.Пратакол № 2 ад 14.01.1941 г. пасяджэння выканаўчага камітэту
Магілёўскага абласнога савета // ДАМаг. - Фонд 7. - Воп. 2. - Спр. 10.
14.Пратакол № 21 ад 5-6.06.1941 г. пасяджэння выканаўчага камітэту
Магілёўскага абласнога савета // ДАМаг. - Фонд 7. - Воп. 2. - Спр. 10.
15.Пратакол № 7 ад 18.02.1941 г. пасяджэння выканаўчага камітэту
Магілёўскага абласнога савета // ДАМаг. - Фонд 7. - Воп. 2. - Спр. 10.
16.Пратакол пасяджэння і даклад мандатнай камісіі гарадского савета дэпутатаў ад 3.01.1940 г. // ДАМаг. - Фонд 11. - Воп. 1. - Спр. 178.
17.Пушкін, І. Стан праваслаўнай царквы ў Магілёве, дзейнасць архіепіскапа Паўліна (Крашэчкіна) 20-30-я гады ХХ ст. / І.А.Пушкін // Мінулая і сучасная гісторыя Магілёва: зборнік навуковых прац / Уклад І.А.Пушкін. -
Магілёў: УПКП «Магілёўская абласная узбуйненая друкарня», 2001. - С. 215-217.
18.Пушкін, І.А. Гістарычная і культурная спадчына горада Магілёва: Курс лекцый / І.А.Пушкін. - Магілёў: УА “МДУХ”, 2006.- 150 с.
19.Пушкін, І.А. Удзел нацыянальных меншасцей у грамадска-палітычным жыцці Савецкай Беларусі (1919-1990 гг.): манаграфія / І.А. Пушкін. - Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2010. - 319 с.
20.Пушкін, І.А. Як зачыняліся цэрквы ў Магілёве / І.А.Пушкін // Магілёўская даўніна. - 1996. - С. 87-90.
21.Рашэнні выканкама Магілёўскага абласнога савета “Аб устанаўленні раздробных і адпускных коштаў на тавары шырспажыва” // ДАМаг. - Фонд 7. - Воп. 2. - Спр. 10.
22.Селеменёв, В. Как белорусскую столицу переводили в г. Могилев /
В.Селеменёв // Мінулая і сучасная гісторыя Магілёва: зборнік навуковых прац / Уклад. І.Пушкін. - Магілёў: УПКП «Магілёўская абласная
ўзбуйненная друкарня», 2001. - С. 248-251.
23.Спіс прадпрыемстваў і устаноў г. Магілёва на 8.02.1939 г. // ДАМаг. - Фонд 11. - Воп. 1. - Спр. 138.
24.Указ Прэзыдыума ВС БССР // ДАМаг. - Фонд 11. - Воп. 1. - Спр. 164.
І. А. Пушкін, г.Магілёў, УА МДУХ, Беларусь.




Могилев.бай

Теги: Могилев

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.

Комментарии:

Оставить комментарий