» » Магілёўскае мяшчанства ў XVIII ст.
на правах рекламы

Магілёўскае мяшчанства ў XVIII ст.

Автор: Saraksh от 27-08-2020, 00:56
Магілёўскае мяшчанства ў XVIII ст.
 
Мяшчане - самая вялікая і разнастайная група ў асяроддзі гарадскога насельніцтва Вялікага княства Літоўскага. Яны прымалі ўдзел ва ўсіх працэсах і падзеях, звязаных з культурным, эканамічным, ваенным жыццём гарадоў. Аднак кожнае «места» мела сваю спецыфіку. Для Магілёва яна заключалася ў даволі блізкім суседстве з Расіяй, вялікай колькасці праваслаўнага мяшчанства (да 60%) і шматлікасці іўдзейскай абшчыны (каля 40%).
Падчас Вялікай Паўночнай вайны (1700-1721 гг.) горад вельмі моцна пацярпеў - спачатку быў разрабаваны і спалены расійскімі войскамі, а потым рэшткі пабудоў знішчылі шведы. Эканоміка Магілёва знаходзілася ў глыбокім заняпадзе, ацалелыя мяшчане жабравалі або выязджалі ў іншыя гарады ці нават ў Расію. Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ Моцны на 10 гадоў вызваліў магілёўцаў ад падатковага цяжару, «каб тыя аднавілі разбурэнні, што іх места падчас апошняй вайны атрымала» [16, арк. 35].
Аднак неабходнасць узнаўлення горада не перашкаджала пэўным групоўкам змагацца за ўладу ўнутры гарадскога магістрата, праваслаўных брацтваў, яўрэйскага кагала. У мяшчанскае супрацьстаянне ўмешваліся святары (каталіцкія, праваслаўныя, уніяцкія і рабіны), шляхта і нават знешнія сілы. Так, у 1705 г. буйны канфлікт разгарэўся вакол магілёўскай брацкай друкарні і пасады магістрацкага радцы. Яшчэ вясной 1695 г. паводле пастановы караля Яна ІІІ Сабескага на дадзенае месца быў прызначаны шляхціц-каталік Максім Вашчанка. Магілёўскія праваслаўныя мяшчане неаднаразова выказвалі пратэсты, аднак прызначэнне не было анулявана. Апошняй кропляй сталі падзеі сакавіка 1705 г., калі радца ўзяў у арэнду брацкую друкарню і распачаў выданне духоўнай (па каталіцкім узоры) і свецкай літаратуры. Арэндную плату братчыкам і падатак у магістрацкую скарбонку ён уносіць катэгарычна адмовіўся. Праваслаўныя мяшчане разам з членамі Багаяўленскага брацтва ў чарговы раз запратэставалі, справядліва кажучы аб тым, што «радца узбагачаецца, а Царква Божая з-за неатрымання прыбыткаў церпіць значныя страты» [2, с. 381-382; 5, с. 528-531]. Яны запатрабавалі апячатаць друкарню і прымусіць Вашчанку пакрыць грашовыя страты за 10 гадоў.
Адбываліся ў Магілёве і канфесійныя канфлікты, прычым падчас даволі вострыя. Першы з іх здарыўся ў снежні 1723 г., калі члены Багаяўленскага праваслаўнага брацтва на чале з падстарастам царквы Св. Мікалая Юрыем Трубніцкім падалі скаргу кіеўскаму мітрапаліту Ірадыёну Журакоўскаму на дзеянні архідыякана Калікста Алавяшкі. Паводле гэтага дакумента, святар «браў розныя паборы за адпраўленне таінстваў, а, калі яму не прыносілі грошы або паднашэнні - не адпяваў, не хрысціў, не вянчаў, не вучыў у школцы. Больш таго, ён быў заўважаны як вялікі распуснік...» [14, арк. 79-80]. Мітрапаліт у выніку разбіральніцтва рашыўся на крайнюю меру - пазбавіў Алавяшку сана і прыхода, а затым выслаў у аддалены манастыр.
Другое разбіральніцтва распачалося ў ліпені 1728 г. і выбухнула да памераў карупцыйнага скандалу, які ледзьве не стаў прычынай распаду Багаяўленскага брацтва. Братчыкі і магілёўскія мяшчане скардзіліся на ігумена Клімента Пігарэвіча. Яны пісалі ў розныя інстанцыі, што «абжалаваны айцец ніякага пасагу да кляштару не ўносіў, апроч адной світкі чорнай» [17, арк. 6]. Брацтва ў свой час узяло яго ў свае шэрагі і ўтрымлівала за грошы з асабістай скарбніцы. Пігарэвіч «у падзяку» за ўсе даброты пачаў запускаць туды руку: пазычаў розным асобам брацкія грошы, прадаваў святыя сасуды, кнігі і зямельныя надзелы брацтва, браў сродкі на асабістыя авантуры і пасагі для сваіх пляменніц Ганны і Марыянны. Усяго пералік скрадзенага займаў у судовай справе пяць поўных старонак. Пігарэвіч быў аштрафаваны, адхілены ад ігуменства і адпраўлены ў манастыр «на вечнае пакаянне» [6, с. 237-242; 9, с. 113; 17, арк. 7-12].
Трэці канфлікт мог прывесці да даволі крывавай развязкі, якая нагадала б віцебскія падзеі 1623 г. Прычынай такіх настрояў у асяродку праваслаўных мяшчан Магілёва сталі дзеянні ўніяцкага святара Мікалая Каласоўскага, які паставіў перад сабой мэту «рашуча і жорстка выкараніць схізму па ўсім цячэнні Дняпра» [15, арк, 1]. Ён паспрабаваў забраць у праваслаўных Спаса - Праабражэнскую царкву, а таксама распачаў канфіскацыю і прысваенне мяшчанскіх земляў. Даходзіла да спрэчак і абаюдных пагроз, Каласоўскі нават скардзіўся віленскаму біскупу Масальскаму: «Колькі разоў даводзілася сваімі вушамі чуць, што тыя ж схізматыкі намераны ўтапіць у Дняпры або ганебна замучыць нас» [10, с. 177; 14, арк, 1]. Толькі ўмяшанне Кацярыны ІІ прадухіліла крывавую развязку. Расійская імператрыца ў кастрычніку 1769 г. дабілася таго, каб Каласоўскі быў адазваны з Магілёва [10, с. 177].
У XVIII ст. Магілёў (як і іншыя тагачасныя беларускія гарады) ахапіла зацятая ўнутрыцэхавая барацьба. Збяднелыя рамеснікі былі вымушаны ісці на паслугі да больш заможных цэхавікоў ці купцоў. Да гэтага іх вымушалі крайняя галеча або немагчымасць аддаць пазычаныя раней грошы. Яскравым прыкладам такога падпарадкавання можа быць тое, што ў 1740 -х - 1750-х гг. багаты магілёўскі купец Стэфан Карабанка, выступаючы ў якасці скупшчыка- ліхвяра, падпарадкаваў сабе бедных мяшчан-рамеснікаў з гарбарскага, цяслярскага, кушнерскага, маслабойнага, пякарскага і іншых цэхаў. Апошнія былі павінны яму велізарныя сумы грошаў (за пазыкі злотымі і сыравінай). Не аддаўшы іх у строга вызначаны тэрмін, збяднелыя цэхавікі трапілі ў кабалу. У кошт пагашэння запазычанасцяў яны аддавалі або прадавалі ўсю сваю маёмасць (рамесныя вырабы, хаты, прылады працы) і наймаліся да Карабанкі на працу ў якасці наёмных рабочых [3, с. 198; 4, с. 244; 13, с. 85].
У 1757 г. у Магілёве адбыліся дзве справы, якія скончыліся закабаленнем дробных мяшчан-рамеснікаў і пераходам усяго іх набытку ў пастаяннае карыстанне заможных цэхавікоў і купцоў. Першае разбіральніцтва распачалося 17 лістапада і датычылася рамеснікаў-гарбароў Касцюка Шабуні, Пятра Чаіса і Мікалая Хлебніка, якія ўзялі пазыку (210 злотых) у яўрэйскага мешчаніна Юдкі Давідовіча. Яны своечасова не здолелі аддаць грошы і ўзялі новую пазыку (для таго, каб аддаць папярэднюю) - у заможнага купца Фёдара Случаніцы. Аднак, у выніку, рамеснікі разарыліся і аказаліся не ў стане разлічвацца з крэдыторамі. Тады Случаніца выплаціў за іх поўную суму запазычынасці Давідовічу і заключыў дамову, паводле якой Шабуня, Чаіса і Хлебнік «павінны былі працаваць бесперапынна цэлы год у свайго крэдытора на гарбарнай працы, не сыходзячы ад яе, пакуль не пакрыюць ўсёй пазыкі» [2, с. 310-311; 3, с. 198; 4, с. 245; 13, с. 88-89; 19, арк. 18-19]. Другая справа разглядалася ў снежні і датычылася невыканання гарбаром Якубам Булатам сваіх абавязацельстваў паводле пагаднення, якое ён падпісаў з іншым гарбаром, Іллёй Міньковічам. Першы рамеснік пазычыў 150 злотых пад заклад свайго дома і зямельнага надзела пры ім. Згодна акту, Булат павінен быў цалкам адпрацаваць грошы, аднак парушыў дамову, скраўшы тавар на суму ў 13 злотых. У выніку гэтага яго дом і зямля перайшлі ва ўласнасць Міньковіча [3, с. 198; 13, с. 89].
Часам заможныя купцы або цэхавікі падавалі скаргі на сваіх даўжнікоў у магістрацкі суд, патрабуючы спагнання запазычанасцяў і штрафаў. Так, 10 снежня 1729 г. Стэфан Карабанка, якому ўдалося нават з дапамогай подкупу і шматлікіх фальсіфікацый атрымаць пасаду магілёўскага бурмістра, паскардзіўся на мяшчан-кажэўнікаў Андрэя Князевіча і яго двух сыноў, Антона і Германа. Паводле слоў гарадскога кіраўніка, азначаныя рамеснікі тройчы падраджаліся зрабіць партыі па 178 пар юфтавых ботаў, аднак так і не зрабілі ніводнай пары. Карабанка патрабаваў ад іх або выканання «двайнога заказу» (356 пар), або выплаты грашыма поўнага кошту матэрыялаў і гатовага абутку. Князевічы заявілі перад магістрацкім судом аб сваёй неплацёжаздольнасці, і той перадаў бурмістру ўсю іх маёмасць (рухомую і нерухомую) [2, с. 302-303]. У 1740-х - 1750-х гг. абвастрылася барацьба паміж мяшчанскімі групоўкамі. Яна тычылася верхавенства ў магістраце і была даволі ўпартай і зацятай. У ход ішлі подкуп, падман, падбухторванне да бунтаў, пагрозы, забойствы і іншыя нядобрасумленныя дзеянні. Найбольш адмоўна сябе паказалі двое магілёўскіх войтаў - Базыль Батвінка і былы бурмістр Стэфан Карабанка. Першы з іх са зброяй у руках «па горадзе, за людзьмі ні ў чым не вінаватымі, без ніякай прычыны, ганяўся, біў, калечыў і рабіў іншыя гвалты» [3, с. 193; 4, с. 239]. 23 кастрычніка 1745 г. ён быў схоплены, адхілены ад пасады і прызнаны ненармальным. Стэфан Карабанка ўтрымліваў магілёўскае войтаўства на працягу амаль усіх 1750-х гг. і нават прысвоіў сабе шляхецтва. Ён разам з набліжанымі асобамі рабаваў, забіваў і саджаў у турмы мяшчан і купцоў, тавары і маёмасць іх канфіскоўваў. Чуткі «аб злых справах войта места магілёўскага» дайшлі да караля Аўгуста ІІІ, які 31 снежня 1757 г. выпусціў спецыяльны ліст, дзе забараніў дапускаць Стэфана Карабанку «не тое, што да пасады войта, а і нават да саміх выбараў» [3, с. 194; 4, с. 238-239; 7, с. 199-200].
Таксама на працягу ўсяго XVIII ст. назіраліся канфлікты паміж мяшчанамі і шляхтай. Яны былі вызваны збядненнем гараджан і іх выхадамі з - пад улады магістрата і пераходамі (часта гвалтоўна) пад юрысдыкцыю духоўных або свецкіх феадалаў. У 1720-я - 1760-я гг. зафіксаваны цэлы шэраг магістрацкіх скаргаў каралям Рэчы Паспалітай, агульная тэма якіх: «Мяшчане юрыдыкі ратушнай на юрыдыкі іншыя пераходзяць» [11, с. 17; 20, с. 39]. Двойчы (у маі 1733 і жніўні 1773 гг.) магілёўцы браліся за зброю, каб адстаяць свае правы і свабоды. Першае паўстанне скончылася ўмяшаннем гетмана ВКЛ Міхала Сервацыя Вішнявецкага, які адхіліў ад пасады і выгнаў з горада бурмістра Міхала Зянковіча. Другое пайшло па даволі крывавым сцэнарыі: мяшчанамі былі разарабаваны дамы шляхты, духавенства, заможных цэхавікоў, забіты найбольш жорсткі прыгнятальнік Януш Зянковіч. Толькі расійскія войскі змаглі падавіць паўстанне. Смерцю былі пакараны шасцёра мяшчан, 10 - турэмным зняволеннем, на два цэха (слясарны і ювелірны) усклалі буйную кантрыбуцыю [8, с. 253; 13, с. 86].
Маёмасная дыферэнцыяцыя ў шэрагах магілёўскіх мяшчан была даволі моцнай. На 1765 г. 78% гаспадарак нельга было назваць нават сярэднімі па агульным дастатку, а частка з іх мела запазычанасці па падатках (у тым ліку і па падымным). Заможнымі на той час у Магілёве з’яўляліся толькі 3,73% мяшчанскіх двароў [3, с. 198-199; 4, с. 245; 13, с. 90].
Для магілёўскіх мяшчан таго часу былі ўласцівыя антысеміцкія настроі. Аб гэтым сведчылі і магістрацкія акты: «Жыды-магілёўцы абы хрысціян у дні святочныя да працы не прымушалі. Таксама жыды падчас працэсіі Божага Цела каля касцёлаў па вуліцах не праходзілі, дзверы і вокны ў дамах сваіх замкнёнымі мелі. Тых, хто парушыць правіла, чакае гарадская вязніца і штраф дваццаць фунтаў воску да касцёлу фарнага магілёўскага» [6, с. 499]. У 1708 г. магілёўскі магістрат забраў з-пад юрысдыкцыі кагала ўсе агульнагарадскія зборы, а ў 1729 г. забараніў яўрэям арандаваць гарадскія млыны і карыстацца вагамі [1, с. 28].
Па колькасці насельніцтва ў XVIII ст. Магілёў з’яўляўся самым буйным горадам ВКЛ. У 1745 г. у горадзе жыло 10408 чалавек, якія «карысталіся правамі мяшчанства». У 1777 г. іх колькасць складала 7484 жыхары, а ў 1783 г. - 9340 (з іх 2,5 тыс. - яўрэі) [3, с. 191; 11, с. 244]. У 1786 г. мяшчан было 9360 чалавек (з іх 6747 яўрэяў). Асобы іўдзейскага веравызнання з’яўляліся ўласнікамі 70% гарадскіх пабудоў (асабліва мураваных) [4, с. 237].
Змянялася разам з насельніцтвам і колькасць гарадскіх дамоў. Так, на 1745 г. налічваўся 1301 мяшчанскі будынак, у 1765 г. - 1879, у 1772 г. - 1747, у 1799 г. - 2000. Палова з іх стаяла на юрыдыках. У 1786 г. у Магілёве існавалі 22 гарбарныя заводы (толькі 2 працавалі на экспарт) і дзве цагельні. На канец XVIII ст. засталіся толькі 4, аднак і яны перажывалі крызіс [3, с. 191, 199; 4, с. 245, 246, 249]. У 1700 г. у Магілёве існавала 17 цэхаў, у 1750 г. - 14, у 1772 г. - 9, у 1799 - 5. У іх было аб’яднана ўсяго 30% магілёўскіх мяшчан [3, с. 196; 4, с. 242].
Такім чынам, жыццё Магілёва і яго жыхароў было даволі складаным і шматгранным. Розныя гарадскія саслоўі пастаянна і зацята змагаліся паміж сабою за ўладу. Мяшчанства не засталося ў баку ад гэтых падзей. Яно таксама прымала актыўны ўдзел у развіцці прамысловасці і гандлю. Такія ж паказчыкі захаваліся і ў наступныя часы. Так цягнулася да пачатку ХХ ст., пакуль не насталі больш кардынальныя змены, звязаныя з рэвалюцыйнымі падзеямі 1917 г.
Літаратура:
Акулич, М. Могилёв и евреи: История, Холокост, наши дни / М. Акулич. - Минск: «Издательские решения», 2018. - 98, [1] с.
Белоруссия в эпоху феодализма: Сборник документов и
материалов: В 3 т. / Сост.: А. И. Азаров [и др.]; ред. колл.: А. И. Азаров [и др.].; Акад. наук БССР, Ин-т истории, Архивное упр. при СМ БССР. - Минск: Изд-во Акад. наук БССР, 1960. - Т. 2: С середины XVII до XVIII века до воссоединения с Россией. - 561 с.
Бохан, Ю. М. Становішча гарадоў / Ю. М. Бохан // Гісторыя Беларусі: У 6 т. / Ю. Бохан, В. Голубеў, У. Емяльянчык [і інш.].; рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інттт.]. - Мінск, - Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII-XVIII стст.). - С. 187-201.
Бохан, Ю. М. Мястэчкі і працэсы ўрбанізацыі на землях Беларусі ў XV-XVIII стст. / Ю. М. Бохан; уклад. М. А. Волкаў. - Мінск: «Беларуская навука», 2018. - 292 с.: іл.
Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг
губерний Витебской и Могилёвской / Под ред. А. М. Сазонова. - Витебск: Типография Витебского Губернского Правления, 1879. - Вып. 10: Приходорасходная книга г. Могилёва за 1695 г.; Акты, извлечённые из книг
Могилёвского магистрата за 1646-1706 гг. - 544 с.
Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг
губерний Витебской и Могилёвской / Под ред. А. М. Сазонова. - Витебск: Типография Витебского Губернского Правления, 1882. - Вып. 13: Приходорасходные книги г. Могилёва за 1699 г.; Акты, извлечённые из книг
Могилёвского магистрата за 1725-1736 гг. - 530 с.
Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг
губерний Витебской и Могилёвской / Под ред. А. М. Сазонова. - Витебск: Типография Витебского Губернского Правления, 1886. - Вып. 16: Приходорасходные книги г. Могилёва за 1709 г.; Акты, извлеченные из книг
Могилевского магистрата за 1756-1766 гг. - 510 с.
Капыскі, З. Ю. Сельскае і гарадское жыццё / З. Ю. Капыскі, П. А. Лойка // Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. / Аўт. кал.: М. П. Касцюк [і інш.]; рэд. кал.: М. П. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск, - Ч. 1. - С. 243-253.
Марзалюк, A. Магілёў у XII-XVIII стст.: Людзі і рэчы / I. A. Марзалюк. - Мінск: «Веды», 1998. - 260 с.
Марзалюк, І. Магілёў / І. Марзалюк, А. Марзалюк // Вялікае княства Літоўскае: У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]; Маст. З. Э. Герасімовіч. - Мінск, - Т. 2. Кадэцкі корпус - Яцкевіч. - С. 243-245.
Марозава, С. В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці
Беларусі (1596-1839 гады) / С. В. Марозава; пад навук. рэд. У. М. Конана. - Гродна: ГрДУ, 2001. - 352 с.
Могилёв: энцикл. справ. / Ред. колл.: И. П. Шамякин (гл. ред.) [и др.]. - Минск: БелСЭ, 1990. - 472 с., [14] л. ил.
Мялешка, В. І. Да пытання аб зараджэнні капіталістычных адносін у гарадской дробнай прамысловасці Беларусі першай паловы XVIII ст. (па матэрыялах г. Магілёва) / В. І. Мялешка // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. - 1959. - №2. - С. 85-90.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). - КМФ-18. - Воп. 3. - Спр. 4. - 661 арк.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). - Ф. 823. - Воп. 3. - Спр. 729. - 321 арк.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). - Ф. 1817. - Воп. 1. - Спр. 2. - 282 арк.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). - Ф. 1817. - Воп. 1. - Спр. 5. - 317 арк.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). - Ф. 1817. - Воп.
- Спр. 2. - 282 арк.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). - Ф. 1817. - Воп.
- Спр. 11. - 437 арк.
Сідарэнка, Б. І. У складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай / Б. І. Сідарэнка // Памяць: Магілёў: Гіст.-дакум. хроніка гарадоў і р- наў Беларусі / Уклад.: Б. П. Гардзееў, М. П. Хобатаў. - Мінск, 1998. - С. 33-40.
Мядзведзеў К. А.
Установа адукацыі «Беларускі Дзяржаўны ўніверсітэт»
(г. Мінск, Беларусь)




Могилев.бай

Теги: Могилев

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.

Комментарии:

Оставить комментарий